Monday, July 2nd, 2007

Атлянт расправіў плечы

Атлянт расправіў плечы

"Атлянт расправіў плечы" (“Atlas Shrugged”) - знакаміты раман амэрыканскай філязоўкі Айн Рэнд, бадай што адна зь першых кнігаў у жанры бізнэс-раману, а таксама першы мастацкі твор у бібліятэцы “Трэцяга Шляху”. Раман выйшаў у 1957 годзе і прызнаны адным з найлепшых і найважнейшых літаратурных твораў XX стагодзьдзя.

Падзеі разгортваюцца ў неазначаны час у будучыні, у Злучаных Штатах Амэрыкі. Амаль усе краіны сьвету ператварыліся ў сацыялістычныя "народныя рэспублікі", ЗША - адна з апошніх дэмакратычных і рынкавых краінаў, якая імкліва ідзе шляхам ператварэньня ў "народную рэспубліку". Эканоміка ў заняпадзе і трымаецца на апошніх рэнтабэльных прадпрыемствах, якімі кіруюць таленавітыя і моцныя прадпрымальнікі. Адна з гэтых кампаній - чыгуначная Taggart Transcontinental. Яе кіраўніца Дэґні Таґґарт, галоўны герой кнігі, вымушаная змагацца за сваё дзела пад ціскам карумпаванай бюракратыі, якая па меры пагаршэньня эканамічнай сытуацыі і паглыбеньня тэхгалягічнага заняпаду ўводзіць ўсё болей абмежаваньняў прадпрымальніцкай ініцыятывы, і такім чынам толькі яшчэ болей пагаршае становішча.

Айн Рэнд апісвае абсурдны сьвет, грамадзтва, дзе загана чалавека робіцца падставай для яго ўзнагароды, дзе ініцыятыва, розум і імкненьне да стваральнай працы караюцца абавязкам клапаціцца пра нахабнага няўдачніка больш, чым пра сябе. Гэтым сьветам кіруюць людзі, якія разважаюць пра духоўнасьць і адмову ад матар’яльнага, жывучы ў брудных бунгало замест калісьці квітнеючага гораду, разбуранага празь іхныя ўтапічныя "чалавекалюбівыя" праекты. Багатыя павінны карміць бедных, моцныя - слабых, пасьпяховыя - няўдачнікаў, таленавітыя - бяздарных, разумныя - дурняў. За салодкімі прамовамі пра "грамадзкія інтарэсы" і "міласэрнасьць" хаваюцца амаральныя і заганныя крывадушнікі і карупцыянэры. Грамадзкае жыцьцё ў такіх умовах у выніку пачынае суправаджацца прымусам і гвалтам, якія падпітваюць самі сябе і камянём на шыі топяць краіну.

Read more... )
(Leave a comment)

Thursday, January 26th, 2006

Белыя пачынаюць і выігрываюць: амэрыканскай гегемоніі ў сьвеце дагэтуль няма альтэрнатывы

Белыя пачынаюць і выігрываюць: амэрыканскай гегемоніі ў сьвеце дагэтуль няма альтэрнатывы



Зьбігнеў Бжазінскі "Вялікая шахматная дошка - Амэрыканскае панаваньне і яго геастратэгічныя імпэратывы" (Zbigniew Brzezinski. The Grand Chessboard - American Primacy and Its Geostrategic Imperatives).

Амэрыканскія войскі - гарант бясьпекі цэлых рэгіёнаў і кантынэнтаў. Амэрыканская эканоміка - стрыжань эканомікі ўсясьветнае. Амэрыканская культура - эталён для ўсяе сучаснае чалавечае культуры. Амэрыканская навука - авангард прагрэсу цывілізацыі. Амэрыканская палітычная сыстэма - абрашчык і арыентыр для прагрэсіўнай часткі насельніцтва плянэты.

Мала проста сказаць, што Амэрыка грае першую ролю ўва ўсясьветнай палітыцы. Пасьля падзеньня камуністычнае сыстэмы ЗША - безумоўны гегемон не большай частцы зямное кулі.

Амэрыка ёсьць сёньня цэнтар сьвету, цэнтар, якога раней гэты сьвет ніколі яшчэ ня меў. Рым не валодаў землямі далей за Міжземнаморскае ўзьбярэжжа, Аляксандар Вялікі не пайшоў далей Індыі, а манголы не дайшлі далей за Вугоршчыну. Заваёўваўшым не зброяй, але далярам і Мікі Маўсам, амэрыканцам сёньня літаральна належыць увесь сьвет, як ён ніколі не належал нікому.

Найбольш вядомая праца былога дарадцы прэзыдэнта ЗША Зьбігнева Бжазінскага - пра гэта.

"Вялікая шахматная дошка" - кароткі, але трапны агляд сучаснага стану ў міжнароднай палітыцы, характарыстыка ролі і мейсца ЗША ў сусьветнай сыстэме. Аўтар апісвае характар і вытокі сёньняшняе амэрыканскае глябальнае дамінацыі, параўноўваючы яе зь іншымі магутнымі дзяржавамі мінулага – з Рымам, Кітаем, Манголіяй. Ён выводзіць, што ЗША - першая сапраўдная "ўсясьветная дзяржава", якімі ня былі ані каляніяльныя імпэрыі мінулага, ані СССР у 20. стагодзьдзі.

Read more... )
(1 comment | Leave a comment)