Голас Трэцяга Шляху || Голос Третьего Пути ([info]3szlach) wrote,
@ 2007-07-02 01:28:00
Previous Entry  Add to memories!  Tell a Friend!  Next Entry
Entry tags:лібэртарыюм, рэцэнзія

Атлянт расправіў плечы
Атлянт расправіў плечы

"Атлянт расправіў плечы" (“Atlas Shrugged”) - знакаміты раман амэрыканскай філязоўкі Айн Рэнд, бадай што адна зь першых кнігаў у жанры бізнэс-раману, а таксама першы мастацкі твор у бібліятэцы “Трэцяга Шляху”. Раман выйшаў у 1957 годзе і прызнаны адным з найлепшых і найважнейшых літаратурных твораў XX стагодзьдзя.

Падзеі разгортваюцца ў неазначаны час у будучыні, у Злучаных Штатах Амэрыкі. Амаль усе краіны сьвету ператварыліся ў сацыялістычныя "народныя рэспублікі", ЗША - адна з апошніх дэмакратычных і рынкавых краінаў, якая імкліва ідзе шляхам ператварэньня ў "народную рэспубліку". Эканоміка ў заняпадзе і трымаецца на апошніх рэнтабэльных прадпрыемствах, якімі кіруюць таленавітыя і моцныя прадпрымальнікі. Адна з гэтых кампаній - чыгуначная Taggart Transcontinental. Яе кіраўніца Дэґні Таґґарт, галоўны герой кнігі, вымушаная змагацца за сваё дзела пад ціскам карумпаванай бюракратыі, якая па меры пагаршэньня эканамічнай сытуацыі і паглыбеньня тэхгалягічнага заняпаду ўводзіць ўсё болей абмежаваньняў прадпрымальніцкай ініцыятывы, і такім чынам толькі яшчэ болей пагаршае становішча.

Айн Рэнд апісвае абсурдны сьвет, грамадзтва, дзе загана чалавека робіцца падставай для яго ўзнагароды, дзе ініцыятыва, розум і імкненьне да стваральнай працы караюцца абавязкам клапаціцца пра нахабнага няўдачніка больш, чым пра сябе. Гэтым сьветам кіруюць людзі, якія разважаюць пра духоўнасьць і адмову ад матар’яльнага, жывучы ў брудных бунгало замест калісьці квітнеючага гораду, разбуранага празь іхныя ўтапічныя "чалавекалюбівыя" праекты. Багатыя павінны карміць бедных, моцныя - слабых, пасьпяховыя - няўдачнікаў, таленавітыя - бяздарных, разумныя - дурняў. За салодкімі прамовамі пра "грамадзкія інтарэсы" і "міласэрнасьць" хаваюцца амаральныя і заганныя крывадушнікі і карупцыянэры. Грамадзкае жыцьцё ў такіх умовах у выніку пачынае суправаджацца прымусам і гвалтам, якія падпітваюць самі сябе і камянём на шыі топяць краіну.

Гэтым парадкам супрацьстаяць людзі, на якіх трымаецца дабрабыт гэтага сьвету, атлянты, на чыіх плячах ён ляжыць - прадпрымальніцкая эліта. Дзяржава сядзіць на шыі гэтых людзей, але чым лепей яны спраўляюцца з сваёю працай і чым больш даюць гэтай краіне багацьцяў, тэхналёгіяў, рабочых месцаў - тым больш іх закідваюць камянямі і абвінавачваюць у “эгаізме”, “закабаленьні рабочага народу”. І вось, яны адзін за адным зьнікаюць, зыходзяць з гэтага грамадзтва, пакідаючы яго ў рукі тых, хто ўвесь час так палымяна праклінае іх. Калі рабочыя маюць права на забастоўку, такое ж права бяруць сабе і бізнэсоўцы – і робіцца відавочна, хто зьяўляецца ключавым элемэнтам у эканоміцы і стварэньні дабрабыту. Рабочая сіла ня можа нічога стварыць бяз розуму і прадпрымальніцкага таленту, яна - ня больш, чым інструмэнт у ягоных руках.

Здаецца, што намаляваны Айн Рэнд сьвет гратэскны і гіпэрбалізаваны, але варта ледзьве адарвацца ад чытаньня раману, азірнуцца навокал і прачытаць навіны, каб убачыць менавіта яго: той сьвет, у якім жывем мы. Характары прадажных палітыкаў-папулістаў, “лідараў грамадзкай думкі” і “філязофаў”, для якіх у сьвеце "няма нічога чорнага і белага", а ёсьць толькі брудна-шэрая беспрынцыповасьць - усё гэта адлюстравана ў кнізе да геніяльнасьці трапна, як нідзе інш. Пазытыўныя пэрсанажы – моцныя, мужныя, сумленныя мужчыны і жанчыны. Ім, праўда, трохі бракуе “чалавечых” рысаў, пэўнай жывасьці і чалавечых слабасьцяў. Але то, мабыць, таму, што Айн Рэнд – у першую чаргу выбітная эсэістка, а ўжо потым пісьменніца.

Эканамічная сыстэма краіны павінна быць максымальна прадуктыўнай, а значыць рацыянальнай, а значыць максымальна лібэральнай, іншага ня дадзена. Яна не павінна ставіць клопат пра слабых вышэй за прадстаўленьне магчымасьці паклапаціцца пра сябе самастойна тым, хто да гэтага здольны.

Тое ж самае тычыцца палітыкі і грамадзкага ладу, прычым нават у большай ступені. Як толькі на ўзроўні грамадзтва пачынаюць займацца эстэтызмам і “Вялікімі мэтамі”, дзеля якіх нібыта можна ахвяраваць інтарэсамі асобы, пачынаецца дарога ў каменны век. І гэта незалежна ад таго, ці зьяўляюцца гэтыя рэчы камуфляжам для злачынных намераў альбо прадуктам наіўнасьці. Фашызм, тэакратыя, сацыялізм, манархія, "сувэрэнная дэмакратыя" - усе рэжымы, якія легітымуюць сябе любым спосабам, акрамя халоднай і нэўтральнай дэмакратычнай працэдуры, ці якія пачынаюць папулісцкія казкі пра "кожнаму па патрэбе" і ставяць інтарэсы абстрактнай супольнасьці вышэй, чым інтарэсы канкрэтнага індывідума - несправядлівыя, нерацыянальныя, а таму неэфэктыўныя, а таму няправільныя.

Сыстэма вартасьцяў, дзе людзі не саромеюцца дзейнічаць дзеля дасягненьня ўласнага дабрабыту і ўласнага задавальненьня, а не прымушаюцца да альтруізму - як ні дзіўна, але ёсьць найлепшая падстава для шчырага сяброўства і любові, бо ў такім выпадку стасункі грунтуюцца не на добрачыннасьці і паразытызме, а на ўзаемнай карыснасьці і павазе. Тым болей, што любоў да вартых тае любові людзей - гэта натуральная частка любові чалавека да самога сябе.

Пра ўсё гэта піша Айн Рэнд у сваім рамане.

Рацыянальнасць - адзіны крытэр у вызначэньні грамадзкага ладу. Любыя празьмернасьці, любыя залішнасьці - празьмерныя самі па сабе. Дэталёвае, красамоўнае апісаньне шляху разьвіцьця грамадзтва, якое адхіляецца ад прынцыпу справядлівасьці і рацыянальнасьці - гэта самае галоўнае, што робіць "Атлант расправіў плечы" творам, абавязковым да прачытаньня адукаваным чалавекам.


Зладаваць кнігу (на расейскай мове)


Урыўкі з “Атлянт расправіў плечы” на нашым сайце, па-беларуску:

Пра грошы

“Ад кожнага – па здольнасьцях, кожнаму – па патрэбе”


Алесь Чайчыц




Create an Account
Forgot your login?
Login w/ OpenID
English • Español • Deutsch • Русский…