Пра грошы (урывак з кнігі Айн Рэнд "Атлянт расправіў плечы")
Пра грошы (урывак з кнігі Айн Рэнд "Атлянт расправіў плечы")2007-03-15 00:32 / Айн Рэнд
- Такім чынам, вы лічыце, што менавіта грошы - крыніца ўсіх бедаў і корань зла? - спытаў Францыска Д’Анконія. - А вы ніколі не задумваліся над тым, што зьяўляецца крыніцай саміх грошай? Самі па сабе грошы - толькі сродак абмену, існаваньне іх немагчыма па-за вытворчасьцю тавараў і людзей, якія ўмеюць вырабляць. Грошы надаюць вагу і форму асноўнаму прынцыпу: людзі, якія жадаюць мець справу адзін з адным, павінны мець стасункі праз абмен, даючы наўзамен адной каштоўнасьці іншую. У руках лайдакоў і жабракоў, якія сьлязьмі выкленчваюць ад вас прадукт вашай працы, ці бандытаў, якія адбіраюць яго ў вас гвалтам, грошы губляюць сэнс, перастаюць быць сродкам абмену. Грошы сталі магчымыя дзякуючы людзям, якія ўмеюць ствараць. Мабыць, гэтыя людзі, па-вашаму, крыніца ўсіх бед?
У той момант, калі вы прымаеце грошы ў якасьці аплаты за сваю працу, вы робіце гэта з умоваю, што зможаце абмяняць іх на вынікі працы іншых людзей. Каштоўнасьць грошам надаюць не жабракі і не бандыты. Цэлы акіян сьлёзаў і ўся зброя ў сьвеце ня змогуць ператварыць кавалкі паперы ў вашай кішэні ў хлеб, які неабходны вам, каб жыць. Але гэтыя кавалкі паперы, якія калісьці падмянілі паўнаважкае золата, - знак даверу, знак вашага права на частку жыцьця людзей, якія ўмеюць ствараць. Ваш партманэ - гэта сцьвярджэньне, што вакол вас у гэтым сьвеце ёсьць людзі, якія згодныя з гэтым маральным прынцыпам, таму што ён ляжыць у аснове грошай. Мабыць, гэта, па-вашаму, корань зла?
( Read more... )